Структура і змест мадэлі

 




Інавацыйная мадэль складаецца з сямі модуляў, якія прадстаўлены графічна. Кожны з кампанентаў накіраваны на вырашэнне асноўных задач: паэтапнае ўкараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі, развіццё этнакультурных кампетэнцый вучняў.

З мэтай актыўнага далучэння ўдзельнікаў узаемадзеяння да гісторыі нацыянальнага адраджэння духоўнай культуры рэгіёна ажыццяўлялася ўкараненне ў адукацыйны працэс наступных этнакультурных тэхналогій:

– тэхналогіі навучання праектна-даследчай дзейнасці;

– тэхналогіі навучання дэкаратыўна-прыкладному мастацтву;

–тэхналогіі навучання фальклорнай творчасці;

– тэхналогіі навучання святам, звычаям, абрадам, рытуалам.

Рэалізацыя мадэлі накіравана на выкананне навучальнай, даследчай, развіццёвай, выхаваўчай і сацыяльнай функцый.

Навучальная функцыя – набыццё, пашырэнне і замацаванне ведаў і ўменняў вучняў у галіне культуры і духоўнай спадчыннасці народа праз арганізацыю ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Даследчая функцыя – творчы працэс сумеснай дзейнасці двух суб’ектаў (настаўніка і вучня) па пошуку невядомага, у ходзе якога адбываецца трансляцыя культурных каштоўнасцей, вынікам якой з’яўляецца фарміраванне светапогляду.

Развіццёвая функцыя – фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці.

Выхаваўчая функцыя – выхаванне грамадзянскіх адносін да гісторыі роднага краю, духоўных і культурных каштоўнасцей свайго народа, нацыянальных традыцый як часткі сусветнай культуры, забеспячэнне пераемнасці як неабходнай умовы стварэння новага патэнцыялу этнічнай культуры.

Сацыяльная функцыя – забеспячэнне і ўзаемадзеянне, узаемапранікненне і ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур ва ўмовах асобнага рэгіёна.

Адукацыйны працэс павінен грунтавацца на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. У сувязі з гэтым зменіцца падыход да планавання выхаваўчай работы: акрамя асноўных накірункаў выхавання, замацаваных у Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, неабходна ўключыць каштоўнасці.

У гадавы алгарытм выхаваўчай работы мэтазгодна пакласці дзевяць каштоўнасцей, прапанаваных В.А. Каракоўскім, аб’яднаных у агульначалавечую каштоўнасць – Прыгажосць. Штомесяц у выхаванні будзе ажыццяўляцца арыентацыя на адну з дзевяці агульначалавечых каштоўнасцей, якая падтрымліваецца змястоўнымі і тэхналагічнымі кампанентамі.

Гадавы алгарытм выхавання, прадстаўлены ў выхаваўчай рабоце, наступны:

верасень – Праца;

кастрычнік – Прыгажосць;

лістапад – Чалавек;

снежань – Веды;

студзень – Культура;

люты – Айчына;

сакавік – Сям’я;

красавік – Зямля;

май – Мір.

Усе агульначалавечыя каштоўнасці напаўняюцца нацыянальным зместам, вядомым у духоўнай спадчыне беларусаў. Работа над фарміраваннем каштоўнасцей будзе працягвацца на працягу месяца і ўключаць 4 этапы: асваенне, засваенне, прысваенне, рэфлексіўнае выхаванне.

Прымаючы за формулу выхавання паслядоўнасць працэсаў “асваення”, “засваення” і “прысваення” маральных нормаў (Н.Я.Шчуркова), у тэхналагічным аспекце выхавання школьніка перавага аддаецца не тым выхаваўчым мерапрыемствам, дзе фарміруецца частковая свядомасць, а такім, дзе найбольш за ўсё фарміруецца цэласная свядомасць выхаванцаў, якая складаецца з працэсаў адлюстравання, рэфлексіі і розуму.

На першай класнай гадзіне ў пачатку кожнага месяца пры ўваходзе на пэўную агульначалавечую і этнакультурную каштоўнасць (“асваенне”) у выхаваўчай рабоце з вучнямi будуць праводзіцца экскурсіі “Прафесіі маіх бацькоў”, “Помнікі гісторыі і архітэктуры рэспублікі”, “Ганарымся культурай роднага краю”, “Памяць і боль, увасобленыя ў камянях”, інтэрактыўныя гульні “Усе розныя – усе роўныя”, “Дарогамі дабрыні”, сустрэчы са знакамітымі людзьмі рэгіёна, дзеячамі культуры, мясцовымі майстрамі, літаратурныя гасціныя “Матчынай зямлі карані ніколі не адпусцяць нас”, “Беларусам я завуся, родным краем ганаруся”, “Мой родны кут, мая зямля”, “У Паўлінкі”, “Святло кахання не згасае…”, каляндарна-абрадавыя святы “Багач”, “Прыйшла Каляда”, “А мы Масленку чакалі”, “Саракі”, “Гуканне вясны”, “Купальскі карагод”, інсцэніроўкі, якія дапамогуць школьнікам пашырыць веды пра маральныя нормы. У гэты ж час праводзіцца дыягностыка на наяўнасць і ступень сфарміраванасці якасцей асобы па дадзенай каштоўнасці на аснове дыягнастычных карт (методыка “Вызначэнне сфарміраванасці каштоўнасных арыентацый” Б.С.Круглоў) або тэста (“Каштоўнасныя арыентацыі” М.Рокіч).

На другой класнай гадзіне кожнага месяца (этап “засваення”) у сістэме выхавання прапануюцца конкурсы “Лепшы знаўца родай мовы”, “ФЭСТ”, “Зорны алімп”, “Разам з татам”, “Запалі сваю зорку”, выставы “Ярмарка талентаў”, “Умелыя рукі”, “Сямейны фотакалаж”, “Прырода дорыць – мы ствараем”, ролевыя гульні “Перакладчыкі”, “Рэкламнае агенцтва”, “Майстар і чаляднік”, “Сямейныя абавязкі”, “Інтэрв’ю”, арганізацыйна - дзейнасныя гульні “Хто хутчэй”, “Карэктар”, “Пазнай па апісанні”, “Выклік па ключавых словах”, заданні - практыкумы “Малая Радзіма – куток шчаслівага дзяцінства”, “Мы гаспадары зямлі”, “Марафон добрых спраў”, “Эканомія ў школе і дома”, “Непатрэбным рэчам – другое жыццё”, трэнінгі “Давайце разумець адзін аднаго з паўслова”, “Як пазбегнуць рызыкоўных сітуацый?”, “Я маю права на…”, “Хачу, магу, умею”, дыскусіі “Ад добрага кораня – добры парастак”, “Рэлігія і вера”, “Экалогія ў пошуках шляхоў выжывання”, “Каштоўнасці чалавечага жыцця”, падрыхтоўка да калектыўнай творчай справы, справаздачы і г. д. Такія формы выхаваўчай работы будуць садзейнічаць засваенню ведаў аб маральных нормах.

На трэцяй класнай гадзіне (этап “прысваення”) фарміруецца цэласная свядомасць вучняў ужо на ўзроўні розуму. Праводзяцца калектыўныя творчыя справы “Карагод гульняў і забаў”, “Памяць у старых фотаздымках”, “Горад майстроў”, “Традыцыі маёй сям’і”, квэст-маршруты “Па старонках фальклору”, “Падарожжа з сучаснага ў мінулае”, “Загадкі малой радзімы”, “Рэлігіёзныя святы рэгіёна (вобласці)”, “Калядная зорка”, “Масленічны квэст”, “Флора і фаўна ракі (балота, лесу, лугу)”, “Дзяржаўныя сімвалы”, праектная дзейнасць “Свет, у якім мы жывём”, “Зямля пад белымі крыламі”, “Знакамітыя выпускнікі”.

Чацвёртая класная гадзіна кожнага месяца будзе прысвечана рэфлексіўнаму выхаванню, аналізу ступені сфарміраванасці вызначаных асобасных каштоўнасцей адносна канкрэтнай агульначалавечай і этнакультурнай каштоўнасці. На рэфлексіўным этапе прадугледжаны наступныя кампаненты: выяўляецца “Я – пазіцыя”, усталёўваецца прычына “Я – пазіцыі”, параўноўваецца “Я – пазіцыя” з этнакультурнай нормай, рэфлексія змяненняў у асобасным развіцці, свабодны выбар далейшых паводзін.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ўстановы адукацыі перавага надаецца гульнявым тэхналогіям і тэхналогіі праблемнага навучання. Спалучэнне гульнявых сюжэтаў і рашэнне праблемных сітуацый магчыма ў рэалізацыі квэст-тэхналогій. У кантэксце этнакультурнай адукацыі квэст-тэхналогіі дазваляюць вывучаць аб’екты этнакультурнай спадчыны, арганізоўваць інтэрактыўныя экскурсіі, працаваць з краязнаўчым матэрыялам.

Накірункі дзейнасці калектыву па этнакультурнай адукацыі вучняў:

1. Арганізацыя ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці вучняў:

1.1. урокі беларускай і рускай мовы і літаратуры, гісторыі, мастацтва (сусветнай мастацкай культуры), працоўнага навучання;

1.2. арганізацыя факультатыўных заняткаў “Вытокі роднай мовы”, “Грані слова: ад гука да сказа”, “Роднае слова”, “Гісторыя Беларусі ў імёнах і падзеях”, “Мая Айчына”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі”, “Краязнаўства”, “Асновы праваслаўнай культуры”, “Асновы этнаграфіі Беларусі”, “Мастацкае тачэнне драўніны”, “Мастацкая апрацоўка саломкі”, “Мастацтва выцінанкі”, “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”;

1.3. арганізацыя дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах “Музейная справа”, “Выпілоўванне і выпальванне”, “Юныя журналісты”, “Асновы сцэнічнага і акцёрскага майстэрства”;

1.4. арганізацыя дзейнасці клуба “Нашчадкі”, тэатральнага катектыву “Спадарожнік”;

1.5. правядзенне цыклаў тэматычных класных гадзін: “Край, дзе мы жывём”, “Мой раён ад А да Я”, “Завочнае падарожжа па карце вобласці (рэгіёна)”;

1.6. арганізацыя тэматычных тыдняў: тыдзень роднай мовы, тыдзень гісторыі, тыдзень памяці, тыдзень беларускай культуры, тыдзень мастацтва, тыдзень сям’і.

2. Рэалізацыя праектнай дзейнасці, квэст-маршрутаў:

2.1. рэалізацыя квэст-маршрутаў: “Сцяжынкамі Беларусі”, “Бабулін куфэрак” (2-4 класы), “Ад сіняй кветачкі да кашулькі дзетачкам”, “Песні бабулі”, “У пошуку скарбаў”, “Знаўцы вуснай народнай творчасці” (5-8 класы), “Дарога да святынь аграгарадка Трабы”, “Падарожжы па пуцявінах продкаў”, “Край бацькоў і радзіма мая”, “Зберажом культурную спадчыну” (9-11 класы), “Дранік-квэст” (1-11 класы);

2.2. рэалізацыя сацыяльных праектаў “Улюбіць у родны аграгарадок цэлы свет”, “Школьны музей: ствараем гісторыю разам”, “Фальклорны падворак”.

3. Сумесныя мерапрыемствы з установамі і арганізацыямі навакольнага сацыякультурнага асяроддзя.

 Крытэрыі і паказчыкі ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання этнакультурных тэхналогій

Крытэрыі і паказчыкі ацэнкі эфектыўнасці вынікаў інавацыйнай дзейнасці распрацаваны на падставе тэорыі этнакультурнай адукацыі А.Б. Афанасьевай, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта кафедры мастацкай адукацыі дзіцяці Інстытута дзяцінства Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна.

Крытэрыі

Паказчыкі

Інструментарый

Кагнітыўна-пазнавальны (ведавы) крытэрый

Сістэма ведаў пра этнакультуру, яе марфалогію, функцыі

Анкетаванне, аналіз адукацыйных вынікаў

Ступень адэкватнасці (правільнасць) і паўната аб’ёму ведаў

 

Эмацыянальна-матывацыйны крытэрый

Эмацыянальны водгук, цікавасць да з’явы этнакультуры, неабходнасць больш даведацца і засвоіць вобразы ў працэсе адукацыі і самаадукацыі

Колькасныя паказчыкі (удзел у мерапрыемствах)

Фіксацыя водгуку па асэнсаванні, цікавасць (пасіўная, эпізадычная, пастаянная, актыўная); матывацыі: няўстойлівая, спантанная, устойлівая

 

Аксіялагічны (каштоўнасна-арыентаваны) крытэрый

Разуменне каштоўнасцей этнакультуры, адносіны і ўсведамленне яе каштоўнасцей і пераемнасці ў развіцці культуры

Анкетаванне, маніторынг

 

Прызнанне каштоўнасці відаў, элементаў, маральных, ідэйна-сэнсавых асноў этнакультуры, здольнасць абнавіць свае адносіны і разуменне этнакультурных каштоўнасцей

Творчыя работы, даследчыя праекты, экспрэс-апытванні

Дзейнасны крытэрый

Дзейсны вопыт культуралагічнай адпаведнасці паводзін, свядомае выкарыстанне норм этнаэтыкету, аб'ектыўная і талерантная пазіцыя ва ўзаемаадносінах з аднагодкамі і людзьмі старэйшага ўзросту

Назіранне, анкетаванне, творчыя работы

Наяўнасць вопыту, ступень яго развіцця ў побыце, на свяце, у абрадзе, ва ўзаемаадносінах з аднагодкамі, з людзьмі старэйшага і малодшага ўзросту

 

Творчы крытэрый

Вопыт творчасці ў этнакультурнай традыцыі ў сучасных формах, у супрацоўніцтве з прадстаўнікамі іншых этнасаў

Колькасныя паказчыкі (удзел у творчых аб’яднаннях), творчыя работы, квэсты

Стварэнне варыянтаў тэкстаў, напеваў, харэаграфічнага руху, драматургічныя дзеянні на аснове ведаў і валодання традыцыйнымі формамі; творчая камунікацыя

 

Уключэнне педагогаў у даследчую дзейнасць у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта

Міні-даследаванне педагогаў

 

Кантэнт-аналіз

Авалоданне педагогамі этнакультурнымі тэхналогіямі

Выкарыстанне этнакультурных тэхналогій.

Колькасць педагогаў, якія валодаюць тэхналогіямі

Кантэнт-аналіз

Узаемадзеянне ўсіх удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці

Усталяванне партнёрскіх сувязей.

Усведамленне новай ролі ў адукацыйным працэсе. Задавальненне запытаў бацькоў на адукацыйныя паслугі.

Спрыяльны псіхалагічны клімат

Анкеты, маніторынгавыя мерапрыемствы

 

Узровень сфарміраванасці асобы вучня як носьбіта этнакультурных каштоўнасцей          

Узровень авалодання моўнай, маўленчай, інфармацыйнай, культурнай кампетэнцыямі

 

Анкеты, маніторынгавыя мерапрыемствы

 

Далучэнне да этнакультурнай прасторы

Колькасць мерапрыемстваў і колькасць наведвальнікаў музеяў, выстаў, экскурсій, сустрэч  і г.д.

Анкеты, маніторынгавыя мерапрыемствы

 


Комментариев нет:

Отправить комментарий