Сцэнарый свята "Гуканне вясны"

 

Сцэнарый традыцыйна-абрадавага свята

“ГУКАННЕ ВЯСНЫ”

Гутнікава Алена Іванаўна, выхавальнік

 

Мэта:  фарміраванне асноў нацыянальнай эстэтычнай культуры праз азнаямленне з народнымі святамі і абрадамі сродкамі музычнага мастацтва і мастацкага слова.

Задачы:

·      Даць уяўленні малодшым пра беларускія народныя святы і абрады пра з’явы сацыяльнай рэчаіснасці, пра культурныя каштоўнасці.

·      Далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы праз азнаямленне з малымі формамі дзіцячага фальклору.

·      Фарміраваць уменні выразнага выканання песень, танцаў, вопыт самастойнай імправізацыі аднародных і сінтэтычных кампазіцый з выкарыстаннем даступных сродкаў музычнай выразнасці.

·      Развіваць музычныя здольнасці, псіхічныя працэсы (уяўленне, музычную памяць, музычнае мысленне), эмацыянальна пазітыўнае стаўленне, цікавасць да музычнага выканання і творчасці.

·      Выхоўваць пазітыўнае стаўленне да музычнага мастацтва як да агульначалавечай каштоўнасці, жаданне пазнаваць розныя жанры музычнага мастацтва, яго разнастайны эстэтычны змест, актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці.

·      Прывіваць зацікаўленасць да культурнай і гістарычнай спадчыны, да нацыянальных традыцый і свят беларускага народа.

         Абсталяванне: пакой упрыгожаны ў стыле лясной палянкі, бярозка з завязанымі каляровымі стужачкамі, палачкі даўжынёй 60 см з прымацаванымі папяровымі птушачкамі і званочкамі, 2 жоўтыя стужачкі для дзяўчынкі-сонейка, сінія стужачкі па дзве на кожнага хлопчыка, кветачкі, вяночкі для дзяўчынак, пачастункі для валачобнікаў, каляровыя “хвосцікі” па колькасці дзяцей, залатыя ключыкі для пчолкі, дрэўца, шпакоўня.

        Дзеючыя асобы: дзеці: скамарохі, хлопчык-пастушок, дзяўчынка-сонейка, валачобнікі, пчолка, Мікітка; дарослыя: Вядучы, Гаспадыня, Вясна, Зіма, Мядзведзь, Чорт.

Гучыць музыка. На палянку, дзе ўпрыгожана бяроза – сімвал вясны і жыцця, выбягаюць скамарохі.

       Скамарохі.

        Гэй, добрыя людзі!

        Паглядзіце, што будзе!

        На забаву спяшайцеся,

        Ды не вельмі штурхайцеся!

        Гэй, добрыя людзі!

        Паглядзіце, што будзе!

        Усе збіраюцца,

        Свята пачынаецца!

        Вядучы. Шмат склалі казак, легенд, песен людзі пра сваю зямлю і пра свой лёс. Ёсць у нашага народа з даўняга часу адно паданне, якое пераходзіць ад дзядоў да ўнукаў.

         Як брала вясна ў сонца ключы,

         Адчыняла сырую зямельку,

         Пускала на свет траву-мураву,

         Адзявала ў лісце бярозы.

         Дзяўчынка. Хлопцы! Ці трэба нам Вясна-красна?

         Хлопчык. Трэба!

         Дзяўчынка. Ці будзем мы яе гукаць?

         Хлопчык. Будзем!

 Вядучы. Давайце падрыхтуемся да прыходу Вясны. Раней за ўсіх прачынаецца пастушок.

 Гучыць беларуская народная музыка “Лявоніха”. Хлопчык-пастушок у саламяным капелюшы імітуе ігру на дудцы.

         Вядучы. Птушачкі пачулі музыку і заспявалі звонка.

         Група дзяцей выбягае на дыбачках з птушачкамі і званочкамі. Дзеці-птушачкі лётаюць і вяртаюцца на месца.

         Вядучы. Сонейка ўздымаецца ў неба, ззяе праменьчыкамі.

         Дзяўчынка-сонейка танцуе каля пастушка, трымаючы дзве жоўтыя    стужачкі. Хлопчык сядае на пянёк.

         Вядучы. Прыгрэла цёплае сонейка, і разліліся гаманлівыя веснавыя ручайкі.

         Хлопчыкі са стужачкамі сіняга колеру бягуць адзін за адным “змейкай” па крузе. “Сонейка” працягвае свой танец, пасля чаго сядае. “Ручайкі” заканчваюць свой бег і вяртаюцца на месцы. Дзяўчаткі выходзяць і збіраюць кветкі, любуюцца імі, танцуюць. Падыходзяць да пастушка.

         Дзяўчынкі.

1.    Ці дазволіце, добрыя людзі,

         Вясну клікаць,

         Зіму праважаць,

Лета дажыдаць?

         2. Красна сонца, ясен свет,

         Угрэй, упар зямлю,

         Распусці зялёную траву.

         3. Выляці, пчолка яркая,

         Вынясі залатыя ключыкі,

         Замкні халодную зімачку,

         Адамкні цёплае лецейка.

         4. Гэй, рабяты, выходзьце,

         Будзем славу Сонцу спяваць

         Ды вясну клікаць!

Карагод “Гаманкі ручаёк”.

Словы В.Жуковіча. Музыка А.Рэмізоўскай.

         Вядучы.

         Благаславі, божа,

         Вясну-красну пеці,

         На ціхае лета,

         На буйнае жыта.

Песня “Мы вясну гукаем”.

Словы А.Дзеружынскага. Музыка А.Рэмізоўскай.

У гэты час выходзяць Вясна і Зіма.

         Зіма. Ой, чалом, чалом ды цёплае лецечка!

         Вясна. Ой, здарова была ды халодная зімачка!

         Зіма.

         Чаму цябе велічаюць,

         Мяне, зімачку, праклінаюць?

         Вясна.

         Бо ты, Зімачка, халодная,

         Лугі, балоты памарозіла,

         А я, Вясна, цёплая ды вясёлая.

Чуюцца крыкі.

         Згары, Зіма, ты нядобрай была!

         Адыдзі, Зіма, ты мокрай была!

         Згінь, Зіма!

         Пусці Вясну на зямлю!

Песня “Надаела нам Зіма”.

Словы і музыка народныя.

         Зіма.

         Галаву вядзе ка сну

         Моц акоў маіх аслабла,

         Але я вам яшчэ паспею

         Адамкнуць Вясну-красну.

         Вясну з прыходам вітаю

         І трон ёй свой саступаю.

         Я ж ад’язджаю на спакой

         У паўночны край любімы свой.

Уцякае.

         Вядучы. Прагналі Зіму, будзем Вясну славіць.

         Дзіця.

         Шуміць, гудзе, Вясна ідзе,

         Шчасце і радасць людзям нясе.

         Ой, Вясна, Вясна,

         Як жа ты красна!

         Мы для цябе спяваем,

         Цябе сустракаем.

Песня “Падарункі вясны”.

Словы В.Жуковіча. Музыка А.Рэмізоўскай.

         Вясна.

         Добры дзень, мае даражэнькія,

         І дарослыя, і маленькія:

         Усім, хто мяне чакаў,

         Карагодзікі рыхтаваў!

         Зіме канец – Вясне пачатак!

         Для нас усіх сягодня свята.

         Музыка, грай! У коле вялікім

         Няхай паскачуць чаравікі.

Вясна танцуе.

Вясна. А зараз я зраблю вам такі падарунак, які ні за золата, ні за грошы не купіш. Я загадаю вам загадкі.

1.Стукае, грукае, і нідзе яго не відаць. (Гром)

        2.У адным доме сотні жыхароў, а сям’я адна. (Вулей)

        3.Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб’е, той сваю кроў пралье. (Камар)

4.Чоран, ды не воран, рагаты, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць – вые, сядзе – зямлю рые. (Жук)

        5.Сем тысяч майстроў зрабілі хату без акон і без вуглоў. (Мурашкі)

6.Ля дарогі – шарык белы, вецер дзьме, а шарык цэлы, а як дзмухнуць хлапчукі – пух ляціць ва ўсе бакі. (Дзмухавец)

7.У чырвоных ботах ходзіць па балотах. (Бусел)

Але ж, мае даражэньнія, не сама я да вас прыйшла – мяне птушачкі на крылах прынеслі, а якія, адгадайце.

Дзеці называюць пералётных птушак.

          Вясна. Птушачкі, птушачкі ляцяць, вясну красную нясуць.

Песня “Жавароначкі, прыляціце”.

Словы В.Жуковіча. Музыка А.Рэмізоўскай.

          Дзяўчынкі (падбягаюць да Вясны).

          А ты, Вясна, а ты, красна,

          Што ты нам прынесла?

          Вясна.

          А прынесла я вам цёплую вадзіцу,

          Зямлі – травіцу,

          Пастушкам – па кіёчку,

          А дзяўчаткам – па вяночку.

Карагод з вяночкамі “Ой, Вясна, ой, Красна”.

Словы і музыка народныя.

З’яўляюцца валачобнікі, спяваюць, б’юць у бубен, свішчуць.

         Валачобнікі.

         Ой, барамі сасновымі,

         Ой, палямі жытнёвымі,

         Ідуць, ідуць валачобнікі,

         Гукаючы, спяваючы.

         Валачобнікі валачыліся,

         Валачобнікі намачыліся.

         За чый двор зачапіліся?

         Вядучы. Ды за наш двор зачапіліся.

         Валачобнікі (ідуць да гаспадыні).

         Ой, ці дома пані гаспадыня?

         Гаспадыня. Дома, дома.

         Валачобнікі.

         Гаспадыня, гаспадыня,

         Зіму ўжо прагналі,

         Адчыняй свае дзверы,

         Заві нас у госці!

         Гаспадыня. Заходзьце, добрыя людзі! Дзякуй за добрую навіну!

         Валачобнікі.

         Валачобнікі  - не дакучнікі.

         Не часта ходзяць, не дакучаюць,

         У гэты гадочак адзін разочак.

         Частуй нас, гаспадыня, за тое, што Вясну паклікалі.

 Гаспадыня. Каб пачаставаць, трэба спачатку заспяваць, павесяліць нас, бо   без падпалу і дровы не гараць.

Валачобнікі спяваюць прыпеўкі, іграюць на музычных інструментах. Іх частуюць.

Валачобнікі. Дзякуй за пачастунак, пойдзем далей, панясём добрую навіну іншым людзям..

         Жадаем, каб былі здаровымі!

         Каб былі багатымі, як зямля!

         Вам шчасця, долі і хлеба ўволю!

         Багатага ўраджаю ў новым годзе!

         Гаспадыня. Дзякуй, ручніком усім дарога! У добры час!

         Вядучы.

         Вясна, Вясна-красна!

         Прыйшла з радасцю,

         З вялікай міласцю, з цяплом, дабром.

         Пра цябе мы спяём.

Песня “Вясна прыйшла”.

Словы В.Жуковіча. Музыка А.Рэмізоўскай.

Выскаквае Чорт.

        Чорт. Як у вас тут весела! А я сядзеў, сядзеў на гарышчы, ды й замёрз.

        Гаспадыня. Мо, гульню якую ведаеш?

        Чорт. Хіба толькі ў хвосцікі пагуляць (паказвае хвост)? Дык у вас жа                                   хвосцікаў   няма.

        Гаспадыня. Ёсць! Вось яны, нават каляровыя.

Гульня “Хвосцікі”.

        Чорт. Пагрэўся, дзякуй за прытулак.

        Вядучы. А яшчэ вясной будзілі мядзведзя, бо лічылася, што як толькі ён прачнецца, дык і вясна пачнецца. Давайце і мы яго разбудзім. Вось ён спіць у бярлозе.

       Мядзведзь схаваны пад вялікаю колькасцю газет. Дзве групы дзяцей бягуць і здымаюць газеты па адной, па чарзе.

        Вядучы. Эй, будзілі вы, дзеткі, мядзведзя, а ён усё спіць ды спіць. Што будзем рабіць?

        Гаспадыня. А нашто ж яму прачынацца, калі няма чым частавацца? Вось калі пачуе, што пчолы ўжо гудуць ды мёд нясуць, адразу прачнецца! Трэба пчолку паклікаць. Паўтарайце за мной:

       Ты пчолка ярая,

       Ты вынесі ключыкі,

       Ключыкі залатыя.

       Адамкні вясну,

       Замкні зімачку.

З’яўляецца пчолка, танцуе вакол мядзведзя пад музыку, трымаючы ў руках залатыя ключыкі, якімі яна нібыта “адмыкае” мядзведзя. Ён прачынаецца і прытанцоўвае разам з пчолкай.

        Вядучы.

        Ну, вось, дзеткі!

        Справе – час, а на пацеху – гадзіна.

        Заўтра чакае дзень клапот,

        На развітанне – карагод.

Карагод “Ляцела чорна галка”.

Словы і музыка народныя.

Пад музыку ўваходзіць Мікітка з дрэвам і шпакоўняй.

Мікітка. Добры дзень! Я завітаў да вас, каб разам сустракаць вясну. А ці ведаеце, што вясною дрэвы садзяць ды шпакоўні вешаюць.

        Пасадзілі дрэўцаў шмат

        Мы з дзядулем каля хат.

Запрашаю і вас папрацаваць, тады і вас будуць радаваць сваімі песнямі галасістыя шпакі.

Усе разам садзяць дрэвы, вешаюць шпакоўні.

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий