Хвілінкі малой Радзімы

 

Хвілінка малой Радзімы “Трабскі замак: легенда ці гісторыя”

 

Узнікненне ўласных назваў паселішчаў губляецца ў далёкіх стагоддзях старажытнасці. Геаграфічная мясціна сама сябе ніяк не называе. Імя ёй прысвойвае чалавек. А таму гэтыя імёны ў граматыцы называюцца ўласнымі. Сапраўды, калі бацькі даюць імя свайму дзіцятку, яны абавязкова выберуць такое, якое б прыгожа гучала і падыходзіла канкрэтным хлопчыку ці дзяўчынцы. А хто ж першы назваў так нашу вёску – Трабы?

Паводле “Слова жывога, роднага, гаваркога…” Уладзіміра Юрэвіча назва нашай вёскі прыйшла з літоўскай мовы. “Траба” па-літоўску азначае хату, жылы дом. Пасяленцамі былі літоўцы. Яны паставілі першыя хаты і назвалі іх па-свойму – “трабы”. Так і ўзнікла назва вёскі.

Паводле старажытных Хронік, Трабы названы ў гонар літоўскага князя Трабуса, рэзідэнцыя якога знаходзілася ў драўляным замку, які стаяў на пагорку. Аб гэтым ёсць запіс і ў энцыклапедычным слоўніку Брокгауза і Ефрона. Побач са словам Трабы маецца запіс: “Трабы – сел. Виленской губ., Ошмянского у., при р.Гавии, в 30 вер. к Ю от у. города. Некогда было столицею князя литовского Трабуса; основ. в XIII ст. Древний костел (1534 г.)”.

Як сведчыць “Хроніка Літоўская і Жмойтская”, па традыцыі, прастол Вялікага князя Літоўскага даставаўся таму, хто ўладарыў у Літоўскім княстве. Але калі памёр Рамунт, Вялікім князем быў выбраны яго дзядзька Трабус, князь Жамойцкі. Верагодна, сыны Рамунта былі яшчэ малыя, каб займаць такую высокую пасаду, а таму княства Літоўскае і Рускае было перададзена ў апеку Трабусу Германтавічу.

Менавіта тады, на пачатку апекі сваёй, Трабус месца Трабы ад свайго імя залажыў. На высокім пагорку (зараз носіць назву “Замкавая гара”) быў пабудаваны драўляны замак, рэзідэнцыя Вялікага князя Літоўскага Трабуса. У час шматлікіх войнаў замак быў спалены.

 

Хвілінка малой Радзімы “Легенды і паданні зямлі Трабскай”

 

Легенда аб раменіцкім камяні перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Стаяла даўней наўзбоч вёскі Раменікі хатка. Жыў у ёй стары Якуб. Пайшоў ён па вясне араць у поле. А сабачка за ім увязаўся. Толькі невялічкую палоску араты прайшоў, як заенчыў, заскуголіў яго сабака. Аглянуўся Якуб і аж змярцвеў: Чорт па полі скача. А з-пад капытоў каменьчыкі выскакваюць. Залямантаваў Якуб: “Вон, паганец, што ты з полем робіш?” А Чорт – скок наперад і пачаў перад ім вытанцоўваць, а камяні адзін на адзін налятаць. Забрахаў сабачка, кінуўся да нячысціка. І як толькі скочыў на тыя каменні, раптам разам з імі ператварыўся ў вялікую каменную глыбу. А Чорт знік, як і не было. Стаіць Якуб і з месца зрушыцца ад сполаху не можа. Ногі не ідуць. Камень такой велічыні на полі з’явіўся, што тры пары валоў па ім прайсці маглі. Прысеў на яго Якуб – і страх як рукой зняло. Зразумеў стары, што не проста гэта камень, а камень, які валодае цудадзейнай сілай. Калі прысесці на яго, то ён і сурокі, і пярэпалахі здымае. А калі наскрэбсці каменнага парашку,то і ад шаленства вылечыць можа.

Шмат год мінула з таго часу. Поле тое лесам ды хмызняком парасло, а камень ледзь з імха бачны. І мала хто з сучасных жыхароў вёскі ведае пра яго гаючую сілу.

Ёсць звесткі, што існаваў у трабскай мясцовасці і камень-следавік. А ляжаў ён непадалёк ад карчмы Расальшчына (4 км ад Трабаў). На камені людзі паказвалі нібыта адбітак левай чалавечай нагі ў панчосе. На слядку быў высечаны чатырохканцовы крыж. Па паданнях – гэта след д’ябла-абжоры. Д’ябл пакінуў след, калі бег ад прарока Іллі, які гнаў яго з зямлі.

Але якое здзіўленне чакала нас, калі мы абышлі па чарзе ўсе валуны на гары. У Трабах ніхто не чуў ніякіх паданняў пра тыя камяні, а яны, між іншым, існуюць. І патрэбна знайсці толькі таго чалавека або дакумент, які б расказаў нам новую легенду ці паданне.

 

Хвілінка малой Радзімы “Трабы яўрэйскія”

 

Скажыце, а хто ведае, калі і кім былі пабудаваныя каменныя будынкі ў цэнтры Трабаў? Так, яўрэйскiя дамы – мураванкi вызначаюць цi не галоўны каларыт вёскi аж да нашых дзён. Каменныя пабудовы з’явiлiся тут у сярэдзiне 1930-х гадоў пасля буйнога пажару. Аб яго акалiчнасцях, дарэчы, любяць пагаварыць дагэтуль. Распавядаюць, нiбыта вёска пачала палаць неўзабаве пасля таго, як недалёка ад яе пабудавалi... новы цагельны заводзiк, а яўрэі застрахавалі свае драўляныя будынкі на вялікія сумы.

У  гэты ж час у Трабах шырока вялася перапрацоўка ільну. У падвальных памяшканнях будынка, дзе зараз размяшчаецца праўленне КСУП “Трабы”, працаваў цэх па пераапрацоўцы ільну. У саміх будынках мясцілася гандлёвая база. Належыла ўсё гэта яўрэю Шклют Хаіму – Лейбу. Вёўся аптовы продаж ільнопрадукцыі і шкур.

У пачатку 30-х з’явіўся ў цэнтры Траб і вялікі каменны будынак, у якім размясціліся аптэка і бальніца. Доктар Падзілбер дабудаваў другі паверх. Бальніца на той час была абсталявана вельмі добра. Працаваў адзіны на ўсю воласць рэнтгенкабінет.

А вось сістэма адукацыі ў яўрэяў мела на мэце забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі хлопчыкаў і працяг далейшай вучобы ў вышэйшых установах для найбольш здольных з іх. Да трохгадовага ўзросту хлопчыкі выхоўваліся разам з дзяўчынкамі, знаходзячыся пад апекай маці. Яны аднолькава апраналіся, насілі тыя ж самыя прычоскі. З трох гадоў у дзяўчынцы прызнавалі жаночую істоту і на яе конт распаўсюджваўся запавет аб забароне знаходзіцца сам-насам з мужчынам у зачыненым пакоі. Яе паступова прывучалі да хатняй працы і выканання жаночых рытуалаў (напрыклад, запальвання шабатных свечак). Хлопчыкі з 3-х гадоў пачыналі атрымоўваць адукацыю.

Пачатковую адукацыю можна было атрымаць у прыватных настаўнікаўмеламедаў.

Хедэры існавалі ў любым, нават дробным і буйным мястэчку, дзе жылі яўрэі. Па традыцыі ўсе без выключэння яўрэйскія хлопчыкі ад 4 да 13 гадоў вучыліся ў хедэрах. За навучанне бацькі плацілі меламеду ўстаноўленую суму, за бедных плаціў кагал. Таму ў яўрэйскіх абшчынах фактычна адсутнічалі непісьменныя людзі.

Пасля жудаснага вынішчэння яўрэяў у 1942 годзе яўрэйская абшчына ў Трабах так і не ўзнавілася. Аб жыцці яўрэяў на трабскай зямлі нагадваюць толькі яўрэйскія будынкі, якія і сёння ўпрыгожваюць цэнтральную вуліцу, ды закінуты яўрэйскі могільнік на ўскрайку Траб, які быў ачышчаны валанцёрскім атрадам Цяпло ў далонях”.

Комментариев нет:

Отправить комментарий