Квэст “Флора і фаўна ракі Клява”

 

Квэст  "Флора і фаўна ракі Клява"

Махнач Р.С., настаўнік мастацтва

Мэта квэста: замацаванне ведаў пра значэнне вады ў жыцці чалавека, раслін, жывёл, аб неабходнасці аховы водных рэсурсаў.

Задачы:

-        аздараўленне арганізма дзяцей падчас пешаходнай прагулкі;

-        набыццё навыкаў арыенціроўкі на мясцовасці, уменне разбірацца ў карце-схеме маршруту;

-        стварэнне атмасферы добразычлівасці ў дзяцей і дарослых;

-        выхаванне пачуццяў таварыскасці, узаемадапамогі; развіццё сілы, спрыту, навыкаў самаарганізацыі.

-        паглыбленне ведаў дзяцей аб рацэ, яе прызначэнні;

-        абуджэнне эстэтычных пачуццяў да роднай прыроды;

-        фарміраванне навыкаў паводзін каля вады.

Выхавальнік:

З ручаёў, паўстаў паток

Вады жывой і прэснай.

Шумная яна вясной,

Шырокая ўлетку.

Ільдом пакрыецца зімой,

Завуць яе ўсе... (Ракой.)

- Як называецца рака ў аграгарадку Трабы? (Клява).

- А вы ведаеце, як з'яўляюцца рэкі?

Прасочваючыся скрозь глебу, дажджы і талыя воды дасягаюць шчыльных парод, якія не прапускаюць ваду. Пласты зямлі, якія ляжаць на іх, прасякаюцца вадой, як губка. Такім чынам, утвараецца ваданосны пласт. Вада пад зямлёй можа ўтвараць сапраўдныя азёры і рэкі. Калі ў лесе або даліне вы ўбачыце маленькі ручай, аднясіцеся да яго з павагаймагчыма перад вамі будучая магутная рака. Часцей за ўсё ва ўтварэнні ракі ўдзельнічаюць крыніцы, падземныя воды, а таксама ападкі. На паверхні глебы вада пракладае сабе дарогу, невялікія баразёнкі, па якіх яна і сцякае. Аб'ядноўваючыся, маленькія патокі зліваюцца ў ручай, дзе вада льецца ўжо пастаянна. Ручаі аб'ядноўваюцца ў раку, якая ўпадае ў іншую, больш буйную раку або возера, або нават мора.

- Якія бываюць рэкі?уткія, ціхія, горныя, доўгія і г.д.)

- А наша рака якая?

- Як вы думаеце, вада ў рацэ зараз цёплая або халодная? Чаму? (Звяртае ўвагу дзяцей на колер, празрыстасць вады).

Дзеці даюць адказы на пытанні, кажуць, што вада ў рацэ чыстая, але не празрыстая. У адным месцы яна блакітная, у іншым - шэрая (адбіваюцца карані дрэў), а там - жоўтая (таму, што ў ёй адбіўся жоўты пясок на дне).

- Рака - гэта супольнасць, дзе ўсе адзін аднаму патрэбныя: і расліны, і жывёлы. А ў нашай рацэ водзяцца рыбы? Якія? Як называюцца рыбы, якія водзяцца ў рацэ? (Шчупак, плотка, акунь, фарэль і інш. Рыбы рачныя.)

- А  хто з вас любіць рыбачыць? А якая рыбка можа патрапіць да вас на кручок?

- Дык вы ўсё ведаеце пра нашу раку?

-  Мы зараз гэта праверым. Я прапаную вам, даследваць нашу Кляву больш дасканала. Кожная група атрымлівае маршрутны ліст, на якім указваюцца месцы (станцыі) ля ракі, якія вы павінны адшукаць і там сфатаграфавацца. Квэст кольцавы. Гэта азначае, што гульня пачынаецца і заканчваецца ў адным і тым жа месцы, вось тут на стадыёне,  а праходжанне станцый можа ісці ў розным парадку, а не толькі ў пэўнай паслядоўнасці.

Дзеці атрымліваюць маршрутныя лісты з заданнямі:

-        Колькі разоў рака ў ваколіцы аг.Трабы паварочвае на 90°?

-        Дзе на рацэ бабры пабудавалі плаціну?

-        Дзе на рацэ знаходзіўся стары млын? Хто быў яго гаспадар?

-        Дзе знаходзілася першая электрастанцыя ў Трабах?

-        У якім месцы больш за ўсё водзіцца фарэль?

-        Дзе водзяцца ракі?

-        Колькі крыніц жывіць раку ў межах аграгарадка?

-        Дзе самая прыгожая кладка да ракі?

-        Дзе знаходзіцца гняздо лебедзяў?

-        Дзе цвіце жоўтая лотаць?

Групы вяртаюцца на бераг ракі (на школьны стадыён) і дзеляцца сваімі поспехамі.

Выхавальнік: Стаміліся? Вам піць хацелася? А ці можна піць ваду з ракі?

- А чаму вада ў рэках становіцца бруднай? Рака Клява чыстая рака?

- Як зрабіць раку чыстай? (Людзі кідаюць смецце ў раку, зліваюць бруд, таму рака становіцца бруднай, у ёй з'яўляюцца водныя расліны, якія робяць раку бруднай. Улетку рака зарастае асакой і трыснягом. Раку трэба берагчы, не кідаць у яе смецце).

- Зараз мы ачысцім бераг ад смецця, збяром яго ў пакеты, а потым занясём на сметнік.

Праводзіцца акцыя Рацэ Клява - чыстыя берагі”.

Пасля вяртання ў школу выхавальнік прапануе намаляваць рэчку.

Комментариев нет:

Отправить комментарий